Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЛАГАЯ ЖОНКА…

Апляла мяне нядоля
З неспакойнай бабай:
Ледзьве цягне ногі з поля, —
Вадзіцца-ж ня слаба.

Хоць яе мужык я родны, —
Цягам мучыць звадай;
Ці то годны, ці нягодны, —
Прычапіцца рада.

Як даўгі язык разваліць, —
Сам чорт не запрэча;
Век радню сваю ўсю хваліць,
А маю нівэча.

Што яна мяне здатнейшай, —
У вадным б‘е чыне, —
Разумнейшай, дасьціпнейшай,
Лепшай гаспадыняй.

Часта паласаваў пугай,
Валасы патузаў;
Скураной ня раз папругай
Наляпіў ёй гузаў.

Стану біць, запёршы ў клеці:
Дружна поўха скача;
І што-ж? Плачуць толькі дзеці,
І сама ўсьцяж плача.

І нічога, ой нічога
Ёй не памагае, —
Век браханьня абрыднога
Баба ня кідае.