Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТУТЭЙШЫ

На чужы розум я ня ўмею браць,
Пасвойму я мяркую аб усім;
Трапляю дровы сеч, касіць, араць
І сеяць — штось сабе, а штось другім.

Я ня чыноўнік і ня граф, ня князь,
Таксама — я ня турак і ня грэк,
І нават не паляк і не маскаль,
А проста, я тутэйшы чалавек!

*

Ў сьвятую веру моц, здароў, ці квол,
Набожна ў цэркаў і ў касьцёл хаджу,
Хаця ў царкве крычаць: ня йдзі ў касьцёл,
А ў касьцеле — не хадзі ў царкву.

Калі-ж каго-бы стрэліла спытаць:
Якой ты веры? ужо-ж-бы так адсек:
Тутэйшай веры я, каб не салгаць,
Бо я і сам тутэйшы чалавек!

*

Мяне бог не пакрыўдзіў языком
(У жонкі-ж меле ён, як калаўрот),
Мне з прадзедаў застаўся ён з жыцьцём,
З ім ведае мяне чужы народ.

А вось, якой я мовай гавару,
Хоць пры, каб сьцяміць, к знахару па лек…
Ну што? скажу: тутэйшая яна,
Як я і сам тутэйшы чалавек!

*

Ад прадзедаў і бацькаўшчыну ўзяў —
Вялікая, багатая яна! —
Граніц ніхто йшчэ вокам не абняў,
Як бог адзін — яна ў мяне адна.