Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Магазыньнік, той —
Ані адагнаць:
— Ссып мне, што вясной
Браў шнур засяваць.

Янка рад, ня рад,
А дыхнуць ані,
Быццам той скурат, —
Круціцца ў агні.

Толькі ўсё яму
Гора як ні ў чом:
Прэцца у карчму
З поўненькім мяшком.

Ёўна — хітры жыд,
Шмат жыў на вяку…
Цэлы рай адкрыт
Янку бедаку:

Шумна у карчме,
Янка водзе рэй —
Гэтым рукі жме,
Тым піць льле скарэй.

Тыча пад бакі
Сойкі для другіх;
Весялы такі,
Абымае ўсіх.

Лоўка падгуляў,
Выбрыў за карчму;
Гразі і канаў
Ўжо нямя яму.

Мчыцца, быццам пан,
Колы трах-тарах!
У вачох туман,
Немач ў нагах.