Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БУСЛЫ

Падчысьціла Ўзьвіжаньне ўсю зямлю шчыра,
Ліст зводзе хмызьняк заскаруслы…
Зьлятаюцца буслы к адлёту у вырай,
На сходку зыходзяцца буслы.

Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,
За прасла пашчэпліваў прасла, —
За выганам буслы рашаюць суд мігам,
Пакуль дню лучына ня згасла.

Хто млечны шлях ноччу дагледзіць, ня зблудзе,
Хто мора адмерыць крыламі, —
Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,
Той вылеціць ў вырай бусламі.

Клякочуць, хлапочуць, і крыльлі і скабы
Сусед аглядае суседа,
Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,
Хто болей, хто меней сьвет зьведаў.

Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,
К канцу прыбліжаецца сходка,
Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу,
Сьціхае гамонка-клякотка.

Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыльлі…
Бач, бусел адзін стаіць хмуры, —
Яго аднаго усе неяк забылі,
Адзін ён ня зьмесьціўся ў шнуры.

Стаіць і чакае сабе прыгавору, —
Знаў — буслава сходка ня сьмешкі…
Ой, болей яму не пабачыці мора,
Ня бачыці выраю сьцежкі!