Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/219

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чэрці, ведзьмы, ваўкалакі
Сходзяцца гуляць;
На стол зьявяцца прысмакі,
Музыка чуваць.

Бліск сьвятла заблісьне яркі,
Пойдзе ходам клум.
Звоняць міскі, пляшкі, чаркі…
П‘янства, скокі, шум.

Жэняць ведзьму з ваўкалакам,
Сватае шынкар,
Попам — рабін, ведзьма — дзякам,
А чорт — гаспадар.

Так гуляюць, покуль недзе
Ня кігне пятух…
Гіне ўсё, і па бяседзе!
Пуста, сумна ўкруг.

Цень са сьцен плыве пануры,
Як з якой турмы,
Кот зьдзічэлы ловіць шчуры
У сянях карчмы.

Крыльлі ў цемнаце лапочуць
Кажаноў, начніц;
Віхры ў коміне хіхочуць —
Жудка без граніц.

Жах карчма ўвесь чуе гэты
І думу снуе
Пра мінуўшыя дні, леты
Лепшыя свае.

1907 г.

|}