Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рэжа музыка званліва,
Топат ног такі!
Разгуляліся на дзіва
Дзеўкі, дзяцюкі.

Кругам старшыя пры чарцы
Селі, люлькі цьмюць,
Аб пагодзе, гаспадарцы
Гутаркі вядуць,

А гарэлка рэчкай льлецца,
Бегае шынкар,
Песьня ўдалая нясецца,
З твару сыпле жар.

Ой, дзянёк так кожны праве
У карчме шум, крык…
Счэзла доля па забаве!
Час вясёлы зьнік.

Ўсё прапала, згібла недзе,
Як сон, як туман;
У карчму ўжо не заедзе
Ні мужык, ні пан.

У стадоле ня ржуць коні,
Коз ня бэчыць зброд,
Не гамоніць пры шынкоўні
Выпіўшы народ,

Косьці парыць у магіле
Ўжо шынкар даўно,
Аб нячыстай людзі сіле
Баюць на адно.

Кажуць: поўнач як настане,
І сяло засьне, —
Адбываецца гуляньне,
Як здаўна ў карчме.