Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II. ЗАБЫТАЯ КАРЧМА

Ля дарогі, ля далёкай,
Каля крыжавой,
Сьпіць карчма там адзінока
З злупленай страхой.

Пахілілась на старонку,
Прылягла к зямлі;
Невясёлыя карчомку
Думы прыгнялі.

Аб мінуўшай славе, дзівах —
Як была п‘яна, —
Аб дзянькох былых шчасьлівых
Думае яна.

Як ня думаць пра былое,
Поўнае прыкрас!
Перайшло, і ўжо ня тое,
Ўжо ня той, ох, час!

Калісь гоманам шумела,
Людна ў ёй было,
Падарожных многа мела, —
Ўсё ня раз сяло.

І жылося, і вялося,
Гэй, інакш карчме! —
Рэха рогату няслося
Ўлетку і ўзіме.

Адбывалісь вечарынкі
І вясельлі ўраз,
Захапляючы дзянінкі
Ў ночны добры час.