Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

I. ЗАБЫТАЯ КАРЧМА

Павыбіты вокны, сарвана страха,
Паўлазілі ў гліну вуглы,
Абдымлены комін тырчыць, як вяха,
Як здань, вызірае з імглы.

Стаіць, як абскубаны зьверам шкілет,
Забытая сьветам карчма,
Начніцы пяюць ёй магільны прывет,
Галубіць пракляцьцямі цьма.

Разьбітая напал калісь пяруном,
Асіна ўздыхае над ёй, —
Калыша, матае кастыльным гальлём,
Шыпіць, уздыхае зьмяёй.

Як вісельнік, зьвісла галіна адна,
Бы цэпам калоціць ў камель,
І сьведчыць, што некалі, вельмі здаўна
На гэтай галіне…
Як шмель,

Шумела, гудзела карчма усю ноч,
Музыка рваў струны і смык;
Бяда і нуда адыходзілі проч, —
Рашаў гаспадарку мужык.

Вось поўнач… Звон чарак… Сьмех, крыкі, кляцьба…
Ня сьцяміш, дзе свой, дзе чужы…
Гахх!… цьвякнуў тапор… Міг, зьнямела гульба…
Ляжыць труп, як крыж на мяжы…

— Мярцьвяк!! — загудзеў разбуялы народ
І рынуўся з сьвятліцы пад тын…
— Дзе ўбіўца?.. На горкай асіне, бы кнот…
Хістаўся нябожчыкаў сын…