Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РУНЬ

Абходзіў зважна гаспадар
Свае абсеяныя межы,
Глядзеў, ці добра божы дар
На сьвет зірнуў з зямелькі сьвежай,

На небе воблачная сінь
Лягла пасьцілкаю махнатай,
А на зямлі, дзе вокам кінь,
Цьвіце, рунее рунь багата.

Над ёй круг сонца залаты
Плыўнём плыве, палае, йскрыцца,
За ёй, трывожачы кусты,
Бурліць, плюскочыцца крыніца.

На ўзьмежку, збыўшыся кары,
Тырчыць ігруша, як сухотнік,
Над грушай ястраб угары
Цікуе кінуты заплотнік.

Як вучыць нас варожбаў лунь,
Як варажыў і летась гэтак, —
Лёг гаспадар плашмя на рунь,
Стаў слухаць сёлета палётак.

Абняўшы рунь ляжыць, як сноп,
Жывых і мёртвых вызваў ў сьведкі;
Прысьмерціў сэрца, зморшчыў лоб…
І чуе руні шопат гэткі:

„Забіў ты бацьку, каб на рот
Адзін паменшала у хаце, —
Прышоў твой сёлета чарод,
Жніва табе не дачакаці!“

Ўстаў гаспадар! Як дурнап‘ян,
Сказ руні раны разварушыў…
Ён зьняўшы пояс-саматкан,
Павіс над руняю на йгрушы.

21-XI—18 г.