Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АДСТУПНІК

Дажывае стара маці
Сірацінаю у хаце
Ў соннай волі, ў чорнай долі,
Як та груша сярод поля.

Мела сына, але сыну
Захацелася ў чужыну:
Ён пайшоў шукаць там шчасьця,
Або згінуць, запрапасьці,

Мела дочак, але дочкі
Пабрылі таксама ўпрочкі:
Тая замуж, тая ў службу
На нядолю, на нядружбу.

Дажывае веку маці, —
Ўжо ня можа з ложка ўстаці,
Кліча дочак, кліча сына, —
Але пуста ўся хаціна.

Сабраліся добры людзі,
Гаманілі: што-то будзе?
Са старою мала ладу —
Трэба даць якую раду.

І да сына лісты пішуць:
— Прыяжджай, бо ўжо чуць дышыць
Маці стара і маячыць:
Цябе хоча ўсё пабачыць.

Сын варочаўся з чужыны
Да матулі, да хаціны
Ні то князем, ні то панам,
Ні то трэзвым, ні то п‘яным.