Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ

(З народных мотываў)

Ах, адкуль-жа гэта вестка,
Што ўдовіна нявестка
Мужа роднага зраклася
І чужому прадалася,
Як пайшоў муж на вайну
Ў чужа-дальню старану?

Спадабала маладога,
Як яшчэ ў жыцьці нікога, —
У садочак з ім хадзіла,
Зоркі ясныя сачыла.
Не знаходзіла аднэй,
Што сьвяціці мела ей.

А удоўка сыну піша,
Што нявестка ўжо калыша
У калысачцы малое
Не яго, але чужое…
Прыяжджай хутчэй, сынок,
Бяры жонку пад замок!..

Не бядуй, удоўка-маці, —
Ўсёй бяды не зьбедаваці —
З чужа-дальняе старонкі
Сын твой вернецца да жонкі,
Будзе суд над ёй судзіць,
Як з другімі ў сад хадзіць.

Стаў пісьмо сынок чытаці,
Што пісала ўдоўка-маці;
Каня быстрага сядлае,
І дахаты пасьпяшае,
Дзе яго чакае ўжо
Маці, жонка і дзіцё.