Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Скуль, дзяўчынка, будзеш, родам,
Хто твой бацька, маці?“

А яна яму гаворыць,
Пахіліўшысь нізка:
„Старшыні я дочка буду
З гэтай вёскі блізкай“.

Спахмурнелі ясны вочы
Ў хлопца маладога;
Ён адказу ад дзяўчыны
Не чакаў такога.

„І я, кажа жаўнеранька
Да таей дзяўчыны,
З тэй-жа самай вёскі родам,
Сын таго старшыні“!
............
Зацямнілі хмары неба
Чорнымі крыламі,
Пачалася шура-бура
З громам, з пярунамі.

І ударыў пяруночак
У два сэрцы тыя,
Што пасьмелі снаваць грэшна
Думкі маладыя.

Пад тым дубам іх абое
Пахавалі людзі,
Насып сыпалі жвіровы
На вочкі і грудзі.

На тым насьпе ўзышлі кветкі,
Як вясной сьнег стаяў, —
Адна жоўценькая кветка,
Сіняя — другая.

Хто ў магілцы сьпіць, усьпелі
Людзі ўжо забыцца, —
Тыя-ж кветкі ахрысьцілі:
„Браткай і Сястрыцай“.

23-I—13 г.

|}