Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАЗКА АБ ПЕСЬНІ

Даўно ўжо, даўно з тэй пары адбылой
Сталецьцяў мінула нямала, —
Між небам блакітным і чорнай зямлёй
Сьвятляная думка лунала;

Яна аглядала бязьмежна прастор,
І пасынкаў бачыла долі,
Што рукі з зямлі працягалі да зор
І ў цемры каналі паволі.

Быў жыць адзінока надзел бедакоў,
Нішто іх з сабой ня лучыла —
Ні крыльлі свабоды, ні скруты акоў…
Адна толькі маці-магіла.

Ня ўмелі змагаць грамадою нягод
І бога хваліць грамадою;
Па шчасьці нязьведаным грэшны народ,
Як каня, ўздыхаў, за вадою.

І шкода зрабілася думцы людзей.
Што чахлі, як чэрві у плесьні, —
І з высі зышла к ім, як дух-яснавей,
І вольнай зьмянілася песьняй.

У тысячы сьветачаў, сонц залатых
Яна разьлілася між імі,
Разьвеяла цемры, ўзьлячыла сьляпых,
Сваё, іх праславіла імя.

Пры песельным звоне народ акрылеў,
Зарухаўся шчасьцем, свабодай,
У бітвах верх браў і свой боль адалеў,
Ня страх быў змагацца з прыродай.