Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І многа лет цешыўся, ў радасьці цьвіў
І ў долі, і ў волі бяз меры,
Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў,
І сьветлай ня здрадзіў ёй веры.

За ласыя словы, за золата звон
Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ ў прыгон,
А песьню аддалі на зьдзекі.

Як славай праз песьню палаць стаў, так згас, —
Хілеці ізноў стаў памалу;
Папробуе песьню — йшчэ звоніць падчас,
Толькі ня так, як бывала.

Гібелі зноў людзі у сьпеку, ў мароз,
І долі і волі збыліся,
І страшная кара пасьцігла іх лёс:
Народ сваёй песьні забыўся.

Мінае сталецьце, другое ідзе,
Ня песьняй, а путамі звоне,
І вечную гібель народу вядзе,
Народ-жа ўсё стогне і стогне.

З лет бегам патомкі, пасьля доўгіх бед,
Аднекуль зноў песьню дасталі, —
І думалі з ёй, як калісь, дзівіць сьвет,
Палаць зноў у даўнешняй хвале.

А толькі іх душ ажывіць не магла
І к шчасьцю масьціці гасьцінец…
Бо думка бо песьня… чужая была…
З ярмом даў і песьню чужынец!

|}