Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СТРАШНЫ ВІР

Ёсьць месца, дзе ўпоўнач над рэчкай,
Пакуль йшчэ пявун не пяе,
Выходзе здань дзіўная з віру
І творыць варожбы свае.

Таемныя знакі рукамі
На ўсход і на захад кладзе,
Як быццам каго заклінае
Ці песьню намігі вядзе.

Сьцюдзёная льлецца вадзіца
Па целе з распушчаных кос,
А вочы блішчаць, як дзьве зоры,
А вочы глядзяць да нябёс.

І рыцар у тую часіну
На белым агністым кані
Над вірам зьяўляецца зьнекуль,
Ці проста выходзіць з зямлі.

З каня свайго злазіць і к здані
Падходзіць, галубіць яе,
У мокрыя косы цалуе,
Яна-ж толькі нема пяе.

Хто ў час той заблудзіць тудою, —
Спужаецца сам, задрыжыць,
І здань ад яго уцякае,
У віравы сховы бяжыць.

А рыцар маланкай садзіцца
На быстрага свога каня
І нікне у цемры паўночнай,
А з ім — і трывога уся.