Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзе-ж ты дзеў Ганну? — ў мужа пытаеш
— Няўжо, —ён кажа, — Ганны няма?
І абаім ім сэрца сьціскаецца,
Дум усялякіх хлынула цьма.

Ганна з двара ўжо іншай дарогаю
Йшла, як ехаў Рыгор па яе;
Думаў, што дома. Бачыць з трывогаю:
Дома няма. Дык дзе-ж яна, дзе?

Дарма шукаці рвуцца ў ваколіцы,
Ў вёсцы пытаці, на мшы даваць;
Дарма ён стогне, а яна моліцца:
Ганны нідзе няма, ня чуваць.

Толькі ад часу, як гэта сталася —
Гутарка ходзіць так па сяле: —
Ў сьнег як зямелька ўся адзявалася,
Неба мяцеліцу грозну пашле, —

Ночнай парою з бара недалёкага
Нейкае зданьне — глянуці страх —
Чуць лезе з гурбаў, з сьнегу глыбокага,
Йдзе на дарогу з ношкай ў руках.

Хто йдзе ці едзе, страх таму гэтае
Дзіва сустрэці, голас пачуць, —
Страшная мара, напоўадзетая,
Зблытаны косы, вочы пякуць.

Грудзь да касьцей дзявоцкая вырвана.
Ранай аднэю сьвеціцца ўся,
Стане… кроў люне чырвана-чырвана;
Рукі калышуць мару-дзіця.

Тулаў дзіцяці толькі хістаецца,
Ручак, галоўкі, ножак няма;
Да падарожных з ім падбліжаецца,
Жальбу заводзіць жудка сама.