Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гоманы, скрыпы з вёскі даносяцца,
І там ужо сонца робіць сваё;
Па саламяных стрэхах дым коціцца —
Знак, што пад імі госьціць жыцьцё,

Будзяцца людзі, з хат выбіраюцца
Яркі калядны дзень прывітаць;
Цёплая пара з губ выбіваецца,
Шэрань на бровах, шчокі гараць.

Бабы заняты важнай заняткаю, —
Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць, —
З нейкай паважнай ходзяць аглядкаю,
Сьвята сягоньня — бліны пякуць.

Рана і жонка ўстала Рыгорава, —
Мужа з дарогі жджэ і дачкі,
Носіць ваду, змарылася здорава,
Печ падтапіла, ставіць гаршкі.

Можа яна ўжо разы і сотнія
Глянула ў шыбы з хаткі на двор;
Мучаць старую думкі маркотныя:
Штосьці ня едзе з Ганнай Рыгор.

Выехаў ўчора цёмнаю раніцай,
Меўся вярнуцца на-нач дамоў;
Праўда, кабылка худа, чуць цягнецца,
Але вялікі ўжо час прайшоў.

Што за прычына, што так задлякаўся, —
Трудна згадаць, хоць як варажы;
Ці мо‘ дзе ў гурбу сьнежную ўпякаўся,
Ці мо‘ начуе у Рубяжы.

…Скрыпнулі сані… ў вокны марозныя
Хутка, пакуль там бегчы на двор,
Вочы свае Рыгорыха сьлёзныя
Ўставіла й бачыць: ўзьехаў Рыгор.