Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І што-ж цябе, маці, чакае, бязмужняя?
Ня бачыш ты сьвету, ў сьвет глядзя;
Ня ўзложыш вянка ты ўжо болей дзявочага,
Ня сядзеш ужо на пасадзе.

Навекі твая ўжо зламаная моладасьць,
Асуджана мучыцца вечна,
І ў гэтай дарозе, у гэту мяцеліцу
Ты, спраўды, шчасьліва, бясьпечна.

Сьнег так адусюль спавівае пялёнкаю
Сваёй прыліпаючай, белай,
І сыспаду мякка і зьверху накрытая,
Начлегаў такіх ты ня мела.

Ня мела папраўдзе, бо гэтак, во соладка
З дзіцём — бачу я — ты заснула.
Сьпі!.. Пэўна і песьні маёй, табе выснутай,
Усёй ты, бядачка, ня чула.

Сьпі, сьпі! покі сонца на небе нячулае
Узойдзе гуляці над сьветам;
А можа засьні лепш навекі, няшчасная,
Як маеш з жыцьцём біцца гэтым.


Вечна ня можа мучыць мяцеліца,
Вечна ня можа ноч панаваць;
Зімняе неба сонейкам беліцца,
Вецер нямее, хмар ня відаць.

Іскрыцца поле сьнежнае, белае,
Бор гутарлівы ціха стаіць,
Воўчая песьня, дзікая, сьмелая,
Жудасна ў полі ўжо ня гудзіць,

Радасна ўсходзіць раніца стройная,
Сьвеціць для сьнегам засланай зямлі,
Вакол абшары, ўсё дзіўна-спакойныя,
Шалы віхураў як ня былі.