Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Галела, калела у полі ты, з пугаю,
Куску жадна будучы хлеба,
Па лесе, па пасецы з стадам цягалася,
Патолі ня знала ад неба.

Пякло лета сьпекай, ты, ўся зацяганая,
Зьлівалася потам крывавым,
А восень студзіла слатою бязьлітасна,
Трос вецер адзеткам дзіравым.

Ці йшла ты на поле шырокае, вольнае,
Ці з стадам вярталася з поля,
Ніхто ня вітаў цябе шчыра, прыветліва,
Ні свой, ні чужы, і ні доля.

Вось вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю,
Ды горкім жыцьцё было далей:
Бацькі твае бедна і трудна жыць мусілі —
У людзі чужыя паслалі.

Паслалі па цьвёрды, па хлеб на пакідзішча,
На зьдзек, на бадзяньне няміла,
І ты без апекі прытульнай, бяз бацькаўскай
Навекі сябе загубіла.

З насьмешкай благой на цябе, заблудзіўшую,
Цяперака ўсе паглядаюць;
І сэрца крывёю тваё абліваецца,
І вочы у сьлёзах плываюць.

У губу ня лезе яда гаспадарская —
Кусок іх палічаны кожны,
У калысцы ад крыку дзіцё захліпаецца,
Патомак твой плача сярмяжны.

Бацькоў гэтым грэхам сваім не пацешыла —
Ўжо з дзіцем ты лішняя ў хаце;
На службе цябе разьлічылі, адправілі —
Ня стала там хлеба дзіцяці.