Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ідзе, а пражорнікаў вочы
Цікуюць з усіх са старон;
Ідзе, а ці днём, ці уночы,
З дарогі зьбіваецца ён.

Так, блудзячы, валіцца ў сеткі,
Расстаўленыя спатайка,
І сілаў ня раз апасьледкі
Ссуць п‘яўкі, вужы з бедака.

Заплацяць пагардаю дзікай
За кроў, за мазолі, за труд,
Дадуць медзяка для прыліку,
Што ліў пот ня толькі за кнут.

Як выціснуць дух увесь чыста,
Прызнаюць няздатным к труду, —
Прагоняць на шляхі цярністы,
Прагоняць на сьлёзы, бяду.

І пойдзе бядак нешчасьлівы,
Здароўя упякаўшы цьвет,
Праз цёмныя боры, праз нівы
З жабрацкаю торбаю ў сьвет.


Што? — дрэмлеш ужо ты, дзяўчына?
Ня сьпі, яшчэ штось прапяём!
Эй, што там, каліна-маліна!..
Запейма — пець лёгка ўдваём!

А будзе цікавая песьня,
Бо выкажа думы твае,
Ну, слухай, хоць сэрцу балесьне —
З тваёй мая доля пяе!


Ты помніш, як маці цябе твая родная
Дзень першы у лапці абула,
Як ты, падрастаючы, цьвёрдую, зрэбную
Кашулю на целе пачула.