Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ня бойцеся!.. Ўтуліць ад холаду,
Спаўе, як пялёнкай, сьнег белы,
Зацягне вам песьню мяцеліца,
Воўк жальбай завые скалелы.

Але віхраў сьвісты магільныя
І воўчыя выцьці пад борам
Няхай ня пужаюць вас, бедныя,
Сваім нялюбым загаворам.

І неба хай гэта вас хмарнае
Ня страшыць сваёй цемнатою,
І доля вам гэта цяперашня
Хай вельмі ня здасца благою.

Ці-ж хаты для вас былі лепшымі,
Як гэта сьнежная ніва?
Скажы ты мне, маці бязмужняя,
Была-ж ты дагэтуль шчасьліва?

Жыла-ж з табой моладасьць ясная,
Вясёлыя песьні ці пела?
Былі-ж для цябе людзі добрымі,
Іх злосьць над табой не шалела?

Падумай, падумай, гаротная!
Я ў песьню пральлю твае думы,
І разам сьпяём гулкім голасам
Пад дзікай мяцеліцы шумы,


Бядак жыве толькі сягоньня,
Дзён лепшых яму не чакаць;
Цар-голад няшчаснага гоне
Крывавага хлеба шукаць.

Пакінуўшы родную хатку,
Калі йшчэ такая дзе ё,
Замучан бядой даастатку,
Ідзе, каб здабыць на жыцьцё.