Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хто з нас ня любіўся, хто ўцехай каханьня
Хоць міг сваіх лет маладых не правёў?
Сам-на-сам дзяўчыны з малойцам шаптаньня;
Двух сэрцаў хто слухаў вясёлых размоў?

Цімох і Гануля — вось роўная пара:
Яна бедна дзеўка, ён бедны дзяцюк;
Любілісь і мелісь пабраліся зара,
Дый здрадзіла шчасьце, мінула іх рук.

Гаротнага хлопца пагналі далёка,
Пагналі ў салдаты на зьдзекі на плач;
Засталася Ганна адна-адзінокай,
А з доляй — хоць сонца, хоць сьвету ня бач!

Сягоньня, во, ў гэткую сьцюжу пляцецца,
Пляцецца з няшчасьцем, з пацехай сваёй,
Хоць вые віхура, хаўтурна сьмяецца,
Як людзі, так дзіка рагоча над ёй.

Ідзе і ідзе, а сьнягамі дзьме неба,
Дзіцё ў руках плача. Ноч, жудка… бяда.
Ў хатомцы на плечах нясе булку хлеба
І сала хунт — служкі за труд — каляда.

Па гурбах, па наспах ідучы сьняжаных,
Змаглася, халодны пот цела заліў,
А рукі і ногі мароз няспыняны
Даўно замарозіў, даўно зьнячуліў.

Чуць дух пераводзіць, зьліпаюцца вочы,
Яшчэ дабыла сіл, ды дзе больш дабыць?
Скасіліся ногі, ямчэй вецер скочыў,
Схіснулася й з дзіцем і з хлебам ляжыць!

Ляжыць сярод поля шырокага
Ў пасьцелі пуховай са сьнегу.
Спачні з дзіцянём, адзінокая, —
Вам лепшых ня знаці начлегаў!