Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гістор‘я старая: убогая дзеўка
Пашла ў двор на службу для хлеба куска,
Пашла, паганяная гора прыпеўкай,
Ад хаты радзімай сьвятога кутка.

Семнаццаты год шоў прыгожай Ганулі,
Век самы, што толькі жыві, прыпявай!
Сам век, што ахвоціць да працы, да гуляў,
А што ўжо любіцца — на ўсё забывай.

На звадку для хлопцаў, на зайдрасьць дзяўчатам
Слыла паваблівай дзяўчынай яна;
І гэта-ж павабнасьць яе стала катам:
Скасіла і радасьць і песьні спрытна.

О, моладасьць, моладасьць! Сколькі з табою
Прыгод падчас горкіх ідзе для людзей!
Ты сэрца узбурыш, гульнеш ты з душою,
Ты, ломячы думкі, кроў смокчаш з грудзей,

Я так-жа, змагаючы долі завею,
Надзеі вялікія сьніў, будаваў, —
Ты-ж, моладасьць, мачыхай стала маею…
Эй, што гаварыці! Цябе я ня знаў!

Прыхільна дзяўчына на сьвет гэты боскі
Глядзела і верыла зьменным людзям;
От, знама, прастачка, дзіцё нашай вёскі,
Што з беднасьці, з невуцтва знанае нам.

Нямала ў дварэ слуг, шмат хлопцаў ўсялякіх, —
Сумленных, праўдзівых і шэльмаў благіх.
Цімох-жа найлепшы: няма ў ім ніякіх
Паступкаў нягодных, як ёсьць у другіх.

Дзяўчына прыгожая, хлопец прыгожы, —
Вось пара ўжо сэрцаў, вось пара людзей,
Што могуць забыцца на ўсё, на сьвет божы,
Як кроў маладая заходзіць жывей.