Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗІМОЮ

Калядная ночка ўвесь сьвет пакрывае,
Па белай ад сьнегу зямельцы снуе;
Мяцеліца ў полі сапе, завывае
Сьвіст віхраў спакойна заснуць не дае.

У коміне вецер заціхнуць ня хоча, —
Заносіцца песьняй магільнай, дзікой;
То стогне, то плача, то дзіка рагоча,
Як быццам сьмяецца з нядолі людзкой.

Дарожкі і сьцежкі занесла віхура,
Ня знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар;
Воўк, вышаўшы з лесу, скаголіць панура, —
Каб чым пажывіцца — пакінуў гушчар.

І сіняе неба ад зор ня рунее,
І месяц дзесь згінуў, ня ходзіць па ім,
Што хвіля, цямней ноч, мароз не вальнее,
Сьнег сыпле і сыпле, як прыскам якім.

Бяда падарожнаму гэткай парою
Дарогу вялікую перабываць, —
Як стой загавеціся можна душою,
Сьняжніца — засыпаць, зьвяр‘ё — разарваць!

Але вось у гэту рабінаву ночку,
Бач, нехта ня вытрываў, полем ідзе,
Руку апірае на тонкім кіёчку,
На плечах і сьпераду ношку нясе.

Хто гэткі шалёны ў такую завею
Пакінуў хацінку, ў дарогу пашоў?
Аж жутка на сэрцы, душа ажно млее:
Там з дзіцем кабета пляцецца дамоў!