Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XII

Пахавалі Бандароўну
У вянку і ў белі,
Толькі думак украінцам
Пахаваць ня ўмелі.

Шмат цярпець народ умее,
Ўмее-ж і памсьціцца,
Як дадзене вельмі крыўда,
Як зло разгасьціцца.

Весьць аб сьмерці Бандароўны
Скрозь пашла, як мора;
Зашумела Украіна —
Гора панам, гора!

Бандарэнка сходы кліча,
Ўсім аб крыўдзе кажа;
Войска сільнае зьбірае,
Роўна сіле ўражай.

Задымелі у пажарах
Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
На лугі, на скібы.

Дарма рэзь стрымаць казачу
Войска шле Варшава, —
Шмат казацтва нацярпелась —
Бітва йдзе крывава.

Колькі выцекла крыві йшчэ,
Ня будзем казаці,
Бо крывёй сваёю роднай
Трэ‘ было-б пісаці.

З долі-ж горкай Бандароўны
І з таей часіны
Засталіся толькі казкі,
Песьні ды ўспаміны.

24-VI—13 г.

|}


асанна

191