Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А над ёй пяюць старыя
„Вечна спачываньня“.

XI

Неспакоен пан Патоцкі
У сваёй правіне,
Што ўчыніў такую крыўду
Ні прашто дзяўчыне;

Хоча грэх свой чым загладзіць
І віны убавіць;
Бандароўну хоць па сьмерці
Думае праславіць.

Ён сьпяшыць на баль хаўтурны
Пыхай паганяны,
Шоўкам кажа абіваці
Гроб той дзераўляны;

Шоўку, золата, атласу
Браці, колькі хваце,
Кутасамі залатымі
Труну абчапаці.

Загадаў капаці яму,
Мураваці з муру,
Каб магілкі не размыла
Ні вада, ні бура.

Загадаў слаць да магілак
Сьцежку дыванамі
І пасыпаць дываночкі
Белымі цьвятамі,

Як панесьлі Бандароўну
На вечна хаваньне, —
Загадаў іграць музыкам
Сумнае іграньне.

Як спушчалі Бандароўну
На той сьвет вялікі,
То яшчэ сумней зайгралі
Панскія музыкі.