Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ой, ламалі свае рукі
Стары са старою:
— Налажылась, донька наша,
За ўсіх галавою!

X

Забіралі бацька, маці
Родную дачушку,
Несьлі ціха, асьцярожна
Сваю мёртву служку.

Дзе йшлі з ёю, кроў чырвона
Капала паволі
І блішчала па ўсёй сьцежцы,
Як раса на полі.

Як прынесьлі Бандароўну
Да сьвятліцы новай,
Палажылі памаленьку
На лаве дубовай.

Прыбіралі, як да шлюбу,
Ў белю і вэлёны,
Запляталі буйны косы
Ў касьнікі чырвоны.

Пазлацістыя на пальцы
Персьцені ўзьдзявалі,
У замшовы чаравічкі
Ножкі абувалі.

З руты-мяты ёй вяночак
Вілі у дамоўку,
Як карону каралеўне,
Клалі на галоўку.

Зьбілі з дошак габляваных
Белу дамавіну
І складалі ў ёй няшчасну
Забіту дзяўчыну.

Сьпіць сном вечным Бандароўна
І болей ня ўстане,