Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чым з табою піць, гуляці,
Ночкі каратаці, —
Лепш навекі косьці парыць
У зямельцы-маці!

IX

Тут як стрэліў пан Канеўскі
Ў лева яе вуха, —
Стала наша Бандароўна
І нема і глуха.

Палілася кроў чырвона,
Сэрца абамлела,
Павалілась на зямельку
Як бярозка бела.

Парасплеценыя косы,
Як тыя галінкі,
Леглі пасмамі хваліста
Тут-жа ля дзяўчынкі.

Толькі з крыўдай аднальковай
Вочы пазіралі,
Як-бы ўсіх пытаць хацелі:
За што пакаралі?

Дый заглянулі, знаць, крэпка
Ў ворагава сэрца:
Пан Патоцкі ўжо ня рад стаў
Сам сабе і дзеўцы.

Праклінае сам самога
І такую ночку;
Кліча бацьку, кліча матку,
Каб забралі дочку.

Як прыходзіў Бандарэнка,
А з ім — Бандарыха,
Галасілі над дачушкай,
Галасілі сьціха.