Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І са мною піць, гуляці,
Ночкі каратаці?
Ці навекі косьці парыць
У зямельцы-маці?

VIII

Затраслося помстай сэрца
У грудзі дзявочай,
Спахмурнелі чорны бровы,
Заіскрылісь вочы.

Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсьць і славу
Прадаваць з табою.

Сваё золата, палацы
Застаўляй сабе ты,
Сам заморскае віно пі
І насі саеты.

Пі, гуляй з сваёй раўнёю,
Покі ваша сіла, —
Бандароўне больш да твару —
Чымся ты — магіла.

Не прадасьць яна дзявоцтва.
Як ты, пан, сумленьня;
Твае ўгрозы ёй ня страшны,
Ня страшна цярпеньне.

Перад панам тым з Канева
Сьмела дзеўка стала,
Сьмела гледзячы у вочы,
Сьмела адказала:

Дужы ты з сваім багацьцем,
А я сілы большай, —
За мной праўда і народ мой,
За табой-жа — грошы!