Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сабірае ў галоўцы
Думанькі дзявочы,
Глядзіць сьмела, ані моргне,
Ворагу у вочы.

VII

Пасадзіў пан Бандароўну
У куце на лаве,
Як-бы тую маладую
У вясельнай славе.

Застаўляе стол дубовы
Сытаю ядою,
Мёд, віно ў жбанох б‘е пенай,
Як-бы мора тое,

Яшчэ мала: пан вяльможны
Клікае музыкаў;
Знаць, заход вялікі робіць
Ён к гульні вялікай.

Не чакае Бандароўна
Тут сабе пацехі,
І ня верыць панскай ласцы
І ў панскія ўсьмехі.

Ручкі белы заламала,
Зьвесіла галоўку,
А тым часам пан Патоцкі
Вышаў у бакоўку.

І прыносіць ён стуль стрэльбу,
Куляй набівае,
Ў рукі ўзяў, і Бандароўну
Голасна пытае:

— Ну, што воліш сабе выбраць,
Пышная паненка:
Ці ў бяседзе засядаці
Вось пад гэтай сьценкай