Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ночка цёмная глядзела
Ды цямнейша стала,
Адна зорка мігацела
І тая прапала.

VI

Хто галубку убароніць
Ўсьцеражэ ад згубы,
Як няўбачна пападзецца
Ў каршуновы дзюбы.

Вырве сэрцайка няшчаснай,
Вып‘е кроў чырвону,
Застануцца толькі косьці
На зямліцы соннай.

Застанецца памяць толькі
Ў стадзе галубіным,
Што ім выдзер хтось галубку
Крыважадным чынам…

Прыцягнулі Бандароўну
К пану у сьвятліцу,
Як праступніцу якую
Ці як чараўніцу.

Ўбор дзявочы абарваны,
Зблытаныя косы,
Ў вочках толькі рдзяцца сьлёзы,
Як улетку росы.

Ці то сьлёзы з крыўды страшнай,
Ці з бясьсільнай злосьці,
Што к чужынцу бяз пытаньня
Прывялі у госьці.

І стаіць яна прад панам,
Як калінка тая,
Што у лузе, над ракою
Вецер пахіляе.