Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ой, гуляй-жа Бандароўна,
З вечару да ранку!
Цябе вораг ужо сочыць,
Сочыць на каханку.

III

К таму часу ў Берастэчка
К дружыне казачай
Прыблукаўся пан Патоцкі
З хэўраю лядачай.

Як пачуў ён у карчомцы
Зычную забаву,
Туды йдзе сваю бясчэсну
Паказаці славу.

Банкятуе з казакамі,
Мёд, віно п‘е квартай,
К маладзіцам і дзяўчатам
Лезе смольлю ў жарты.

А найгорай к Бандароўне
Ён прыстаў абрыдна;
Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна.

Асьцярожна, пан Канеўскі!
Будзе ліха, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
Ёсьць і ў простым людзе!

Не папусьціць ў крыўду славу,
Славу ды свабоду,
Хоць і дуж ты, і багаты,
Ды панскага роду.

Ох, патрапіць народ часам
За сябе ўступіцца, —
Асьвяціць зямлю пажарам,
Сьвежай кроўю ўпіцца!