Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аб прыгожай Бандароўне
І аб справах пана
Засталася у народзе
Песьня з давен-даўна.

II

Ў слаўным месьце Берастэчку —
Слаўны Бандарэнка.
Ў яго дочка-Бандароўна,
Пашукаць — паненка.

Хараства такога ў сьвеце
Ня было, ня будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.

Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзьве зоркі, яе вочы,
Гляне — сьвет ясьнее.

З плеч сплываюць яе косы,
Як-бы сонца косы.
І іскрацца, як на сонцы
Брылянцісты росы.

Рост высокі, стан павабны,
Ўся, як цень, павеўна,
Як ідзе яна, бывала,
На-бок каралеўна!

А сягоньня-ж выглядае
Лепей, як заўсёды, —
У карчомцы з казакамі
Цешыцца з свабоды.

У гульні сама рэй водзіць,
Весела міргае,
Задзіўляе усіх чыста,
Як зара якая.