Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАНДАРОЎНА

(З народнай песьні)

I

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі талпою
За дабычай ходзяць,

На Ўкраіне пан Патоцкі,
Пан з Канева родам,
З сваёй хэўрай гаспадарыць
Над бедным народам.

Дзе заедзе, банкятуе
Сам ён, яго варта.
Ні старому, ні малому
Ня спускае жартаў.

Калі-ж дзе ўпадзе у вока
Хараство дзявоча, —
Абняславіць, абнячэсьціць,
Бацьку плюне ў вочы.

Стогне змучана Ўкраіна,
К небу шле пракляцьце,
Ды Патоцкага збаўляе
Хэўра і багацьце.

Да сягоньня жыве памяць
Аб злым гэтым дусе
На ўсёй чыста Украіне
І на Беларусі.

Ў сёлах, як клялі дагэтуль,
Так і праклінаюць,
У палацах яго толькі
Міла ўспамінаюць.