Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Машэкі імем сталі маткі
Пужаць, калышучы, дзяцей,
А кумкі, зьбегшысь на папрадкі,
Аб ім шаптаць адна аднэй.

Яго высокую магілу —
Дзе лес ды вецер панаваў —
Знаць, што вялікую меў сілу,
„Магілай Льва“ народ назваў.

XX

Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Там, дзе пушчар быў і балота, —
Муры глядзяцца у раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыцьцё кіпіць, як у гаршку.

Пры самым месьце, дзе хаваці
Людцы нябожчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці —
Яе Машэкавай завуць.

І ціха, ціха на гары тэй,
Чарнеюць пліты і крыжы
То летнім сонейкім сагрэты,
То зьзябшы ўзімку, ў маразы.

Падчас вясной заблудзіць птушка,
Зазвоніць песенькай сваей,
Павесялее сьпяча душка,
Ды ўзноў засьне яшчэ мацней,

А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? — нам грэшным не паняць!

2-VII—13 г.

|}