У вёску родную ляцела
І расказала аб усім.
Прынесла добрыя ўсім весьці,
Што ўжо разбойніка няма;
Яе віталі добрай чэсьцю,
З усімі цешылась сама.
Вяла з сабой сяло народу,
Дзе спаў Машэка вечным сном,
Куды йшчэ ўчора усе ходы
Былі закрытыя людзём.
Зышлася вёска над Машэкай
Нядаўну бачаці гразу,
ў ня было там чалавека,
Каб хоць адну пусьціў сьлязу.
Йшлі ад яго к гары вялікай,
Ахвяры дзе яго ляглі, —
Касьцей знаходзілі бяз ліку,
Галоў бяз ліку там знайшлі.
XIX
Капалі ў пушчы дол глыбокі,
Дно высьцілалі ў кару
І насып сыпалі высокі —
Машэку насып, як пару.
А на гары тэй недалёкай
Хавалі косьці у зямлі
Ахвяр, што ад рукі нялёгкай
Бяз часу на той сьвет зышлі.
За днямі дні пабеглі шпарка,
У няпамяць шоў за годам год,
Мянялась сьвету гаспадарка,
Жыцьцё-быцьцё зьмяняў народ.
Той насып, дзе ляжаў Машэка,
У мох і дзерава аброс;
Пякла улетку яго сьпека,
Зімой трашчаў над ім мароз.