Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А толькі бедную Натальку
Жыцьцё з ім цешыць не магло,
Як тую грэшную русалку —
Жывыя людзі і сьвятло.

XVII

Спазнаўшы панскія раскошы,
Дзіцё сяла і грамады,
Ня мела сіл змагчы ў пустошы
І адзіноцтва і жуды.

Хоць на Машэку спазірала
Прыхільным поглядам падчас,
А ўсё у думках штось кнавала,
Агонь благі ў вачох ня гас.

У думках думала няўпынна,
Як ёй разбойніка згубіць,
Якога не магла нявінна
Ўжо так, як некалі, любіць.

Раз, калі спаў Машэка з ёю,
Зрабіць надумала сваё —
За кроў пралітую крывёю
Яму яго забраць жыцьцё.

Паціху ўстала, нож агромны
Ўзяла ў яго з-пад галавы
І утапіла ў шыі соннай,
Ды той застаўся йшчэ жывы.

Яна другі раз замахнула
І трэці раз перавяла, —
Яго і жылка ня дрыгнула, —
Душа ад цела адышла.

XVIII

Так страшны той разбойнік згінуў,
Што ўмеў любіць і забіваць;
На грэх пусьціўся праз дзяўчыну
І мусіў праз яе сканаць.

Яна сваё зрабіўшы дзела,
Ўжо страхам гнаная нямым,