Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мінута. Ўжо стрымаў ён коні,
Як сноп, зваліўся ўжо фурман,
Ўжо булавой у дзьверцы звоне,
З карэты скочыў к яму пан.

Але ня ўсьпеў і азірнуцца,
Як на зямлі няжыў ляжыць;
Машэка доўбняй замахнуцца
Яшчэ на некага сьпяшыць…

І дзіва дзіў: рука самлела,
Сьлязамі вочы залілісь…
Наталька тут яго сядзела
І так глядзела, як калісь!

XVI

Як чалавек не азьвярэе
З якіх там колечы прычын, —
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.

Чуцьцё прабудзецца людзкое,
Дабро у сэрцы ажыве,
І зацьвітуць красой сьвятою
Дзіцячы думкі ў галаве.

Чуць толькі ўгледзіў у калясцы:
Машэка любую сваю, —
Ў яе ўтануў даўнейшай ласцы,
Ён пакарыўся без баю.

Бы тую пёрынку птушыну,
Ў сваю бярлогу яе нёс,
З лісточкаў мяккую пярыну
Ёй слаў, і сам у радасьць рос.

Быў рад сваёй так доўгай згубе,
Ў нагах з пакораю сядаў,
Як здаўна, песьціў і галубіў,
І словы чулыя складаў.