Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З сваёй бярлогі на дарогу
Вылазіў грозны, з булавой,
Як пошасьць, сеяў скрозь трывогу,
Загоны росячы крывёй.

Спачатку дань жыцьцём плацілі
Яму адны багатыры,
Пасьля знаходзілі ў магіле
Спачын і вёсак жыхары.

Не памагалі мольбы, чары, —
Крывавы суд тварыў, караў;
Абезгалоўлены ахвяры
З сабою ў пушчы забіраў.

Дарма шукаюць яго схову
Бацькі забітых і сыны, —
Адно зьбірае больш галоваў
Ён з непамернай тэй вайны.

Што дзень расьце Машэка ў славу,
Расьце з крывавага жніва,
Бароніць пушча яго справаў
А гімн пяе яму сава.

XV

Ці доўга йшчэ-бы гаспадарыў
Ён гаспадаркаю такой,
Крывёй палошчучы папары,
Крывёй гарачаю людзкой.

Каб ня сустрэў сярод дарогі
Адно здарэньне, як той вір,
Калі раз, выбрыўшы з бярлогі,
Йшоў з булавой сваёй на жыр.

Ішоў і ўбачыў, як карэта
Напроць кацілася якраз;
Машэка рады знайдзе гэтай
І не марнуе дарма час.