Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З дня ўдзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як зьмяя —
І сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцьці ня бачачы пуцьця,

XIII

Што ёсьць на сьвеце горш ад помсты,
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго ня згоніць з сьцежкі простай
Ня ўкіне ў цьму, за ноч цямней?

Душу і думу атумане,
Ачэпіць зводным павуцьцём,
І распасьцяжыць уладаньне
Над целам, над усім жыцьцём.

Засела так яна ў Машэкі
І суладаць з ёю ня мог,
Крыві-б пусьціў, здаецца, рэкі
І ў іх-бы з крыўдай сваёй лёг.

Крывёй ці віннай, ці нявіннай
На сьмерць ўпіўся-бы з душой,
Другіх губіў-бы і сам гінуў,
Абы цярпеў чужы і свой.

У муках страшных дачакаўся
Машэка першых дзён вясны,
І з вёскай роднай папрашчаўся,
Уцёк з радзімай стараны.

У пушчу ўцёк, у ёй асеўся,
Зьмяніўся ўвесь, як ваўкалак,
У скуру воўчую адзеўся
І стаў на жыр выходзіць так,

XIV

Так страшным стала яго імя
На ўсю ваколіцу з тых дат
Паміж сваімі і чужымі,
Як страшны імем сваім кат.