Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Забыла ўсе Машэкі ласкі,
Каханьне шчырае яго, —
Пад чарам ворагавай казкі
Зраклася мілага свайго.

Не прачувала горкай долі,
Якую лёс людзям нашле;
раз, як пашла у двор, дык болей
Яе ня ўбачылі ў сяле.

Сваю так сетку распускае
На мух услужлівы павук,
Пакуль ня ўваліцца якая
І ўсіх ня выведае мук.

XII

Мінула восень, а за ёю
Прышла з марозамі зіма,
Машэка жыў з сваёй сям‘ёю, —
Ня жыў, а блукаўся, як цьма.

Як-бы ня чуў дакучных кпінак,
Адданы гору і жальбе;
Ўжо ведаў, дзе нашла прыпынак
Яго Наталька для сябе.

Падчас бліжэй к двару падходзіў,
Страшэнна кляў і выгражаў,
І страх на стражу ўсю наводзіў,
Якую пан сабе дзяржаў.

Але ня меў Машэка сілы
Такой, што сьцены-б разваліў
Туды, дзе вораг з яго мілай
Пасьцель пуховую дзяліў.

Ня мог на мак яму зьмяць косьці,
Пракляцьце толькі прызываў,
Ад сьцен адходзіў з большай злосьцю
І штосьці жуткае кнаваў.