Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут хараство яму дзявоча
Упала ў вочы, бо нідзе
Яго ня бачылі йшчэ вочы
Штось прыгажэй у прастаце.

Як грозны быў, дык стаў лісьлівы,
Пачаў к дзяўчыне падсядаць,
Пускаць туман і, як-бы дзівы
Ёй брэдні ўсякія складаць.

Што гаварылі, чым ёй кадзіў —
Ня варта паўтараці тут,
Але з тых пор, як па загадзе,
Ён спадабаў вясковы кут,

Тады-сяды стаў заглядаці
Ўсё да Натальчыных вакон,
Хоць і глядзелі бацька, маці
На гэта коса з першых дзён.

Пасьля к сабе яе стаў клікаць,
Яна ішла за ім, як цень,
Аж пачала ўся вёска тыкаць
На дзеўку пальцамі што дзень.

XI

Людзкая хітрасьць даніманьнем
Патрапіць шмат зла натварыць,
Калі прыкінецца сьвятляным
Сьвятлом, што праўдаю гарыць.

Душу вам лёстачкамі выйме,
І павядзе на павадку
Яе пуцінамі крывымі,
І ўжо ня ўскрэснуць бедаку.

З Наталькай вышла гэтак сама,
Сама к бядзе пашла сваей,
Зьвязаўшы дружбай сябе з ямай,
Ня дбала сьвету і людзей.