Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я КАЗАК — НЕ КАЗАК…

Я казак — не казак,
Што нагайкай сьвісьціць,
А казак, што калісь
Знаў, як волю любіць!

Што гуляў за Дняпром
Ад зары да зары,
Ў вольнай Сечы грымеў,
Як парогі ў Дняпры.

Што на бел-сьвет сьпяваў
Песьні з поўных грудзей
І гасьцінна прымаў
З сьвету вольных людзей.

Што умеў пастаяць —
Паляцець у паход —
І за волю сваю,
І за ўвесь бедны род.

Што кароны пікой
І пасады ўстрасаў,
А законы крывёй
Самаўладцам пісаў!

7-VII—11 г..