Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЛІЗКІМ І ДАЛЁКІМ

Вам, цемратворцам блізкім, далёкім,
Шлю свой прывет і ласку ад сэрца;
Дзякуй шлю вам, шмялём сьлепавокім,
Дзякуй! Хай далей моц ваша прэцца!

Піце, смакчыце кроў маю з жылаў,
Будзе хай сьліўням, піяўкам завідна,
Рыйце, капайце брату магілу, —
Вам толькі гэткай працы нястыдна!

Можаце рыці, віцца, кусацца, —
Мне ўжо ня страшны рык ваш зьвярыны;
Вырвіце жылы, сэрца ня дасца,
З вашай крывавай вырвецца ціны.

Мне ўжо нястрашны крыўды аковы;
Любасьці братняй ясным пажарам
Кіну у попел цемры асновы
Гніць пад нагамі лозным папарам!

Жыў і бяз вас я, жыў і між вамі,
Толькі, як воблак, быў я свабодны,
Спутаць ня даў я дум ланцугамі,
Не аплуціў іх сьвіст ваш нязводны.

Дух мой свабодна з вашых цянётаў
Выйсьці здалее к яснасьці божай,
Не апаганен выйдзе з балота,
Далей, к высотам, шлях свой праложа;

Далей, дзе йшчэ беларуская думка
Зоркай сягнуці часу ня мела,
Дзе толькі злосна чорны птах крумкаў,
Дзе хітры зьвер паношыўся сьмела.

Дзе торг з адвечнай праўды зрабілі,
Сьлёзамі ўткалі радасьць і шчасьце,