Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПА ШЛЯХУ

Ляжыць, уецца ў бел-сьвет, як вужака,
Стары, утоптаны вякамі шлях,
Сьнючы былыя сказы, небарака,
Што перачуў на змучаных грудзях.

Бярозы — плачкі сумныя павісьлі
Абапал, як нямая варта-страж,
Ня дбаючы, чаго стаяць, скуль вышлі,
Адно ківаючы на шлях — ты наш!

А вецер ім бязбожныя напевы
То ціха шэпча, то гудзіць, як зьвер,
Галубячы, цалуе іх, як дзеваў,
І кліча іх на радасны бязьмер.

Паміж бярозаў-плачак гэтым шляхам
Іду я з ношкаю разьбітых дум,
Адзін іду, а падганяе тайным жахам
Прыяцель верны мой — бясьсьмертны сум.

Я — шлях, якому век няма спакою
Ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч,
Пасьвенчаны нядбалаю рукою
Жалобнае жыцьцё вясьці апроч,

Я — тая плачка сумная — бяроза,
Увосень абгалечана з лістоў,
Дрыжачая зімою ад марозаў
І ад бушуючых разьюшаных віхроў.

Я — вецер той, што сьлёзна ў сонным полі
І ў буйным лесе вые сіратой,
Начлегу не знаходзячы ніколі
З сваёю горка-жаласнай журбой.

Іду па шляху я і пазіраю,
Як сфінкс, у сфінксаву нямую даль,