Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАМУ?

Няма для духа вольнага граніцы, меры,
Гдзе-б ён сягнуць ня сьмеў, гдзе-б ён не узлунаў;
У Хаосе быцьця, у цьме ўсясьветных зьяў
Н ня ніштожыцца, ў сябе ня губіць веры.

Яму да тайнаў душ і сэрц адкрыты дзьверы,
Ўсё тое спазнае, што бег сталецьцяў не спазнаў;
Як фэнікс з попелаў, узносіцца з канаў,
На дно якіх яго сьпіхаюць цемраў зьверы.

Магутны, векавечны, створан з сонц мільёнаў, —
Гром, пяруны ў руках трымаць, спыняць ня слаб,
Хоць-бы ў вагні кіпеў, ў віхрох марозаў зяб…

Аднак, чаму-ж ты там нішто, дух няпрыгонны,
Дзе дружна звонячы ў кайданы ўсімі тоны,
Крывёй, пажарамі частуе раба раб?