Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЁ ЦЯРПЕНЬНЕ

Маё цярпеньне, мой крывавы боль —
Што значаць перад мукамі мільёнаў,
Дзе безнадзейны стогны родзяць стогны,
А сьлёзы грызуць вочы ўсім, як соль!

Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь, —
Як галавой аб мур, там б‘е паклоны.
Але як мал мой гэты ўздых шалёны…
Мой крык перад малітвай сьвету — ноль!

І веру я, што я нішто ў быцьці —
Іначай думаць не дае сумленьне, —
Аднак, чаму-ж здаецца мне нязьменьне,

Што меж майму цярпеньню не знайсьці,
Што так вяліка мне яно ў жыцьці,
Як міліёнаў разам ўсіх цярпеньне!

3-I—15 г.