Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 4.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На забытым самымі курганішчы,
Дзе сьпяць сьведкі нявыйграных бітваў.

Адно ветрам асіны хістаюцца,
Дзе сном слава заснула нязваным,
Ды круччо на пажыву зьлятаецца,
Судзіць суд над жыцьцём закаваным.

Гэй, ты, гэй! наша ночанька цёмная,
Завагніся ты сонца пажарам,
Распалі нашу долю заломную,
Не пракляцьцем, а божым будзь дарам!

Перастаўшы пець.

Нейкую кашу, бадай, не з дабром
Ліха ўжо, ўзнаць, заварыла;
Сьвіст, бразгатня, тупаніна кругом.
Што за нячыстая сіла?!

Проста рабінава ночка прышла!
Жудасьць — дзе вока ня кіне…
Пацераў спробую, можа імгла
Гэта шыпучая згіне.

Шэпча пацеры. Чорны сьвішча; зьяўляецца чалавек у лёкайскім уборы і, падаўшы жалезны саганок, зьнікае. Чорны запускае ў сярэдзіну саганка руку і, падымаючы адтуль жменю золата, падтрасае яго на далоні; грошы са звонам — як путаў жалезных — валяцца зноў у гаршчочак; Чорны зноў іх адтуль бяре і так усё перасыпае. Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырвона-смольным жудкім полымем і, як сыпецца, выдае, быццам плыве нейкая крывавая поліўка.

ЧОРНЫ

Дзын-дзын-дзын, зьвіні, як жалеза,
Золата, звонка-званіста;
Зьвіні па жалезных нарэзах
Дзын-дзын, зьвіні ў звон ірдзіста.