Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 4.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1-я РУСАЛКА

Як ён люба злажыў
Ручкі пад галаву!

2-я РУСАЛКА

Як снапок, гэтак лёг
Тут на мох, на траву!

3-я РУСАЛКА

Сам сябе усяго
У клубочак сагнуў;
Як адпаўшы лісток,
Як нябожчык заснуў.

УСЕ ТРЫ

разам

Ха-ха-ха! як лісток,
Як нябожчык заснуў!

2-я РУСАЛКА

Цяпер сядзем пры ім,
Як тры кветкі ў вакне;
Ціха так, каб ня знаў —
Ці на яве, ці ў сьне.

1-я РУСАЛКА

І навеем яму,
Пакуль сонца зірне,
Казку долі яго.

2-я і 3-я РУСАЛКІ

разам

Што?

1-я РУСАЛКА

Сон на Кургане.