Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 4.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЖОНКА

абкручваючы нагу, параненую аржоньнем

Не палі агнём
Гэтак, сонейка!
Не калі мне ног
Так, аржонейка!

Трудна сьпіну гнуць
Спрацаваную,
Каласы зьбіраць
Паваляныя.

Дабрыцом-сьцяной
Не пахвалішся,
Кроў і пот ліеш,
Заліваешся.

Ўсюды бог гасьціў
З сваёй ласкаю,
Толькі крыў, мінуў
Ніву хамскую.

МУЖЫК

Ўжо каса мая
Прытупілася:
Не бярэ сіўцу,
Замарылася.

Пакляпаць пайду
Там на межачцы
І бруском зьвяду,
Як належыцца.

Ды ў ход зноў пушчу
Пад песьнь сьлёзную,
Хай зноў бачыць сьвет
Сілу грозную.